ПАДЗЕ́МНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

спецыяльна абсталяваныя збудаванні, размешчаныя ў тоўшчы зямлі. Да іх адносяцца: трансп. і гідратэхн. тунэлі; збудаванні метрапалітэна., электрастанцыі (гал. чынам гідраэлектрычныя станцыі, а таксама атамныя 4 цеплавыя); склады і халадзільнікі; аб’екты гар. гаспадаркі (пешаходныя пераходы, гаражы, калектары, трубаправоды, газаразмеркавальныя станцыі, магазіны і інш.); ёмістасці (рэзервуары) для пітной вады, газавыя сховішчы, нафтасховішчы, сховішчы для захоўвання шкодных адходаў вытв-сці; прамысл. аб’екты (напр., кампрэсарныя і помпавыя станцыі, заводы); лячэбныя аб’екты (пераважна ў саляных вырабатках); збудаванні грамадз. абароны, ваен. аб’екты. Асобную групу складаюць П.з. шахтаў (эл. падстанцыі, дэпо, станцыі водаадліву, шахтавыя ствалы, капітальныя штрэкі, штольні і інш).

П.з. неглыбокага залажэння будуюць адкрытым спосабам (у катлаванах, траншэях), метадамі апускнога калодзежа або «сцяна ў грунце» (у траншэях робяцца сцены з наступным выманнем грунту з унутр. аб’ёму). П.з. глыбокага залажэння ствараюць закрытым спосабам з выкарыстаннем буравых свідравін, горных вырабатак, горных камбайнаў, шчытоў праходчых, буравыбуховых работ і інш. Пры вядзенні падземных работ выкарыстоўваюць асушэнне, замарожванне грунтоў, хім. замацаванне, тампанаж, цэментацыю і сілікатызацыю. Гідраізаляцыя П.з. дасягаецца ўшчыльненнем або паляпшэннем хім. дабаўкамі матэрыялаў, што кладуцца ў канструкцыю, стварэннем воданепранікальных перакрыццяў.

На Беларусі П.з. з’яўляюцца Мінскі метрапалітэн, газасховішчы, аб’екты грамадз. абароны, калектары, шахты і інш.

І.І.Леановіч.

Падземныя збудаванні. Тунэль для 4-палоснага руху аўтатранспарту пад адным з каналаў Амстэрдама.

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)